Навіны рэгiёна
Аб'ём знешняга гандлю Гродзенскай вобласці з Украінай у студзені-верасні павялічыўся на 25,8 працэнта
Аб'ём знешняга гандлю Гродзенскай вобласці з Украінай у студзені-верасні склаў $135,1 млн., што на 25,8 працэнта больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Такія даныя былі агучаны 29 лістапада на сустрэчы кіраўніцтва Гродзенскага аблвыканкама з дэлегацыяй Вінніцкай вобласці Украіны, якая знаходзіцца ў рэгіёне з 4-дзённым візітам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
За гэты перыяд экспартавана прадукцыі на $59,6 млн. (на 0,5 працэнтаў больш), імпарт склаў $75,5 млн. (вырос на 57,1 працэнта). Асноўнымі экспартнымі пазіцыямі з'яўляюцца панчошна-шкарпэтачныя вырабы, комплексныя ніці, кордныя тканіны, фталевы ангідрыд, сталовая пасуда, сеялкі, саджалкі, жняяркі, праваднікі, дрот і запчасткі. З Украіны ў вобласць завозяць тытунь, алей, падшыпнікі, бензол, граніт, трубы. Сваю прадукцыю на ўкраінскі рынак пастаўляюць і мяса-малочныя прадпрыемствы Гродзенскай вобласці. У студзені-верасні экспартавана сухога натуральнага малака на $300,2 тыс., сухога абястлушчанага малака на $58,5 тыс., сметанковага масла больш чым на $1034 тыс., сыроватачна-бялковага канцэнтрату на $121,2 тыс., коўбасных вырабаў на $9,8 тыс.
Паводле слоў першага намесніка старшыні Вінніцкай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Івана Моўчана, Вінніцкая вобласць зацікаўлена ў пашырэнні гандлёвага супрацоўніцтва. Кіраўнік украінскай дэлегацыі выказаў упэўненасць, што аб'ём знешнегандлёвага абароту паміж двума рэгіёнамі павялічыцца пасля гэтага візіту, у час якога бакі маюць намер дасягнуць дамоўленасцей у арганізацыі новых паставак, падпісаць кантракты.
За студзень-верасень аб'ём абароту знешняга гандлю Гродзенскай вобласці з Вінніцкай знаходзіўся ў межах $1 млн. і павялічыўся ў параўнанні з такім жа перыядам мінулага года на 25 працэнтаў. У асноўным Гродзеншчына закупляла алей, фруктовыя сокі і сокі з агародніны, радыятары і паветраачышчальнікі з чорных металаў, машыны для пагрузкі.


