Навіны рэгiёна
05.01.2012
Год кнігі стане вялікім літаратурным святам для пісьменнікаў і чытачоў
Год кнігі стане вялікім літаратурным святам для пісьменнікаў і чытачоў. Такую думку выказала старшыня Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч. Паводле слоў кіраўніка абласнога аддзялення СПБ, для членаў аб'яднання святам з'яўляецца выхад кожнай кнігі. А той факт, што ў Беларусі на дзяржаўным узроўні вырашана прымаць меры па падтрымцы кнігавыдання, папулярызацыі кнігі, паслужыць яшчэ вялікім стымулам не толькі для творчай актыўнасці, але і для грамадскай работы па азнаямленню з айчыннай літаратурай чытачоў, лічыць Людміла Кебіч. Мноства цікавых мерапрыемстваў павінны прыцягнуць увагу насельніцтва і, магчыма, нанава адкрыць для кагосьці свет нацыянальнай кнігі. Члены СПБ праводзяць работу па прапагандзе айчыннай літаратуры шмат гадоў. У асноўным за свае або спонсарскія сродкі яны выдаюць кнігі, распаўсюджваюць іх, забяспечваюць бібліятэкі райцэнтраў, сустракаюцца з чытачамі і спрабуюць азнаёміць з беларускімі аўтарамі як мага больш людзей. Сёння ўсё часцей выдавецтвы сталі браць расходы за друкаванне на сябе. Так, у мінулым годзе аўтары Гродзеншчыны выпусцілі ў свет 17 кніг. У бягучым годзе ўжо запланавана да выдання 20. Сярод іх творы дзіцячых пісьменнікаў і шэраг твораў, уключаных у спіс сацыяльна значных, будуць выпушчаны за кошт выдавецтваў. Гродзенскія пісьменнікі пастараюцца ў Год кнігі максімальна выкарыстаць магчымасці па папулярызацыі нацыянальнай літаратуры. Чакаюцца літаратурныя паездкі, капуснікі, сустрэчы з чытачамі ў розных раёнах вобласці, творчыя вечары з нагоды юбілеяў беларускіх класікаў літаратуры і сучасных аўтараў, прэзентацыі новых кніг і інш. Аўтары плануюць прадставіць свае творы на галіновай нацыянальнай выстаўцы ў Мінску. Па вобласці Саюз пісьменнікаў у час вясенніх школьных канікулаў арганізуе свята дзіцячай кніжкі і свята паэзіі для дарослых. На фестывалі нацыянальных культур у Гродне члены Саюза правядуць арыгінальнае свята нацыянальнай паэзіі. Паводле слоў Людмілы Кебіч, упершыню ў вобласці ў гэтым годзе аб'яўлены конкурс на лепшыя рукапісы (у ім могуць удзельнічаць усе жадаючыя). Аўтары трох найлепшых твораў атрымаюць прэміі аблвыканкама і сродкі на выданне кніг. Рашэнне абвясціць 2012 год Годам кнігі прынята ў мэтах павышэння ролі кнігі і чытання ў сучасным грамадстве, выхавання ў маладога пакалення любові да мастацкага слова, развіцця айчыннай літаратуры, забеспячэння дзяржаўнай падтрымкі нацыянальнага кнігавыдання.


