Навіны рэгiёна
23.11.2011
Лясгасы Гродзенскай вобласці плануюць рэалізаваць да Новага года амаль 30 тыс. елак і сосен
Лясгасы Гродзенскай вобласці плануюць рэалізаваць да Новага года амаль 30 тыс. елак і сосен, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка аддзела вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі Гродзенскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання Яўген Думчаў. Ёлачныя базары адкрыюцца ў рэгіёне ў 20-х чыслах снежня, напярэдадні каталіцкіх Каляд. Гандаль будзе ажыццяўляцца на 151 пляцоўцы, з іх амаль 20 будуць размешчаны ў абласным цэнтры. Жыхары рэгіёну змогуць набыць на ёлачных базарах жывыя елкі, сосны, а таксама букеты з лапак дрэў. Жадаючыя могуць адправіцца ў лес за елкай самастойна. Для гэтага неабходна атрымаць дазвол у лясгасе на высяканне дрэва на адведзеным для гэтага ўчастку лесу. Як падкрэслілі ў ДВЛГА, традыцыйна для забеспячэння навагодняга гандлю галоўнымі сімваламі свята ў лясгасах закладваюцца спецыяльныя плантацыі навагодніх ёлак. Пераважна гадавальнікі размяшчаюцца на так званых няўдобіцах - участках, дзе немагчыма вырошчванне буйной лесапаласы. Саджанцы высаджваюцца разрэджана, каб дрэвы атрымліваліся больш пышныя. На вырошчванне метровай елачкі неабходна амаль 4 гады. Лясныя прыгажуні да 2 м вырастаюць за 7-9 гадоў.


