Навіны рэгiёна
Правядзенне рэспубліканскіх маніторынгаў садзейнічае аператыўнай рабоце са зваротамі грамадзян на месцах
<
Правядзенне рэспубліканскіх маніторынгаў садзейнічае аператыўнай рабоце са зваротамі грамадзян на месцах. Такое меркаванне выказаў журналістам генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк, які ўзначальвае міжведамасную рабочую групу па маніторынгу работы дзяржорганаў са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб па Гродзенскай вобласці. Сёння ён правёў прыём грамадзян у Астравецкім райвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Такая форма работы была выбрана ў дзяржаве своечасова і паказала сваю эфектыўнасць, лічыць генпракурор. Мясцовая выканаўчая ўлада стараецца больш аператыўна вырашаць пытанні людзей, не чакаючы прыезду чыноўнікаў. На прыём кіраўнікоў дзяржорганаў людзі прыходзяць у асноўным з сапраўды складанымі праблемамі, доўгімі цяжбамі, часта патрэбна вырашэнне на больш высокім узроўні.
Аляксандр Канюк адзначыў, што ў цэлым сітуацыя з выкананнем даручэнняў па зваротах грамадзян у Гродзенскай вобласці складваецца добрая, хоць і ёсць некаторыя пытанні, звязаныя з работай органаў улады. Міжведамасная рабочая група пад кіраўніцтвам генпракурора працуе ў рэгіёне чацвёрты дзень, яе дзейнасць не абмяжоўваецца асабістымі прыёмамі і разглядам скаргаў, правяраецца шырокі спектр пытанняў. Наведваюцца сацыяльныя аб'екты - бальніцы, дашкольныя ўстановы і інш. Выяўлены пэўныя парушэнні, па якіх будуць прыняты рашэнні. Так, пасля праверкі звальненне чакае галоўнага ўрача адной з раённых бальніц.
На прыём да генпракурора запісаліся 48 чалавек з раёнаў Гродзенскай вобласці, таксама прыехалі заяўнікі з Магілёва. Пераважная большасць пытанняў звязана з крымінальнымі справамі, судовымі рашэннямі. У тым ліку ўзнімаліся нашумелыя ў вобласці справы - забойства школьніка ў 1997 годзе ў Гродне падлеткамі ў час гульні, дзейнасць у 2001-2004 гадах на тэрыторыі Мінска і г.Ашмяны арганізацыі, якая рэалізоўвала злачынныя схемы, звязаныя з незаконным мытным афармленнем грузаў. Адна з заяўніц пацярпела з-за фірмы, якая рэалізавала неналежнай якасці чарапіцу, але так і не кампенсавала ўрон. Жыхарка Навагрудскага раёна не згодная з рашэннем Вярхоўнага суда, які апраўдаў маладога чалавека, з-за якога загінуў яе сын. Генпракуратура пазіцыю заяўніцы падтрымлівае.
Па гэтых пытаннях будуць яшчэ раз вывучаны матэрыялы. Па шэрагу спраў, падкрэсліў генпракурор, ёсць усе падставы для сур'ёзных аб'ектыўных праверак незалежнымі спецыялістамі.


