Навіны рэгiёна
Вінніцкая вобласць Украіны зацікаўлена ў стварэнні СП з Беларуссю ў сферы сельгасмашынабудавання
Вінніцкая вобласць Украіны зацікаўлена ў стварэнні сумесных з Беларуссю прадпрыемстваў у сферы сельскагаспадарчага машынабудавання. Аб гэтым 29 лістапада на сустрэчы з кіраўніцтвам Гродзенскага аблвыканкама паведаміў першы намеснік старшыні Вінніцкай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Іван Моўчан, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прадстаўнічая дэлегацыя Вінніцкай вобласці Украіны (у складзе каля 80 чалавек) прыбыла ў Гродзенскую вобласць з 4-дзённым візітам. Рэгіён наведваюць кіраўніцтва вобласці, 27 раёнаў, прадстаўнікі вядучых сельскагаспадарчых арганізацый. Асноўная мэта візіту - абмеркаванне стану і перспектыў супрацоўніцтва рэгіёнаў дзвюх краін у сферы вытворчасці сельгаспрадукцыі, развіцця сельскагаспадарчага машынабудавання, пашырэнне міжрэгіянальных адносін у цэлым.
Паводле слоў Івана Моўчана, украінскі рэгіён зацікаўлены ў рэалізацыі канкрэтных праектаў. Сярод іх - стварэнне сумесных вытворчасцей у сферы сельскагаспадарчага машынабудавання. Вінніцкая вобласць апошнія гады актыўна нарошчвае тэмпы вытворчасці сельгаспрадукцыі. Штогод на абнаўленне парку сельгасмашын прадпрыемствы рэгіёну трацяць каля $50 млн. Украінскі бок знаёмы з прадукцыяй гродзенскіх вытворцаў гэтай сферы і задаволены яе якасцю. Рэгіён зацікаўлены ў набыцці плугоў, барон - рознага прычапнога інвентару для сельгасмашын.
Паступіла таксама прапанова па стварэнню СП для вытворчасці такой прадукцыі ва ўкраінскім рэгіёне, дзе для гэтага гатовы прапанаваць некалькі свабодных пляцовак былых машынабудаўнічых прадпрыемстваў.
На сустрэчы таксама абмяркоўвалася пытанне наладжвання доўгатэрміновага супрацоўніцтва па пастаўках у Гродзенскую вобласць з Украіны бялковай сыравіны (соі, сланечнікавага шроту, макухі). Губернатар Гродзенскай вобласці Сямён Шапіра адзначыў, што ў рэгіёне размешчаны сучасныя прадпрыемствы па вытворчасці алею, магутнасці якіх на 50 працэнтаў свабодныя (каля 200 тыс.т за год). Украінскі бок зацікавіўся прапановай арганізаваць пастаўку сыравіны ў Беларусь для перапрацоўкі з наступным продажам алею ў краіны Еўрасаюза.
Прадстаўнікоў украінскай дэлегацыі таксама цікавіў вопыт гродзенскіх вытворцаў і перапрацоўшчыкаў малочнай прадукцыі, пытанні работы органаў самакіравання, вопыт па навядзенню парадку ў малых гарадах.
У час 4-дзённага візіту рабочыя групы з Вінніцкай вобласці наведаюць Гродзенскі, Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Мастоўскі, Шчучынскі раёны з аглядам прадпрыемстваў па вытворчасці і перапрацоўцы сельгаспрадукцыі, мяса-, малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў, малочнатаварных комплексаў. У Лідзе дэлегацыя азнаёміцца з прамысловым патэнцыялам прадпрыемстваў і абмяркуе пытанні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

