Навiны рэспублiкi
А.Лукашэнка даручыў вывесці ўсе прадпрыемствы Гродзенскай вобласці на рэнтабельную работу да канца верасня
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу да канца бягучага квартала вывесці ўсе прадпрыемствы Гродзенскай вобласці на рэнтабельную работу. Такое даручэнне ён даў сёння ў час рабочай сустрэчы са старшынёй Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Сямёнам Шапірам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідэра.
Асаблівая ўвага на сустрэчы была ўдзелена пытанню стратнасці прадпрыемстваў, колькасць якіх на Гродзеншчыне за апошнія два месяцы зменшылася ўдвая. Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць актывізаваць намаганні па павышэнню рэнтабельнасці прадпрыемстваў і павелічэннню заработнай платы.
Аляксандр Лукашэнка даў Сямёну Шапіру і шэраг іншых даручэнняў, якія датычацца будаўніцтва жывёлагадоўчых памяшканняў у вёсцы, фінансавання незавершаных будуемых аб'ектаў і іншых сфер жыцця рэгіёну.
Губернатар Гродзенскай вобласці таксама далажыў аб першым намалочаным у вобласці мільёне тон збожжа. Кіраўнік дзяржавы выказаў заклапочанасць тым, што гэты рэгіён адстае па тэмпах уборкі ад іншых. На думку Сямёна Шапіры, аб'ём збожжа, які будзе сабраны ў Гродзенскай вобласці ў гэтым годзе, будзе не ніжэйшы за ўзровень мінулага года. "Паўтара мільёна тон збожжавых у свіран мы пакладзём", - лічыць старшыня аблвыканкама.


