Навiны рэспублiкi
Падключэнне Беларусі да Балонскага працэсу забяспечыць прызнанне беларускіх дыпломаў у Еўропе
Падключэнне Беларусі да Балонскага працэсу забяспечыць прызнанне беларускіх дыпломаў у Еўропе. Аб гэтым паведаміў у час online канферэнцыі на сайце БЕЛТА рэктар Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы (РІВШ) доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Міхаіл Дзямчук. "У Еўропе будзе прызнавацца дыплом, выдадзены беларускай ВНУ, і наадварот. Але аб стапрацэнтным прызнанні ніхто не гаворыць. Заўсёды ствараюцца нейкія камісіі, спецыялісты якіх яшчэ раз глядзяць на ўзровень падарыхтоўкі і г.д. Тым не менш агульныя нейкія правілы гульні будуць", - сказаў Міхаіл Дзямчук.
Уся атрыбутыка ўваходжання ў Балонскі працэс, неабходная дакументацыя, дыпломы еўрапейскага ўзору ў Беларусі ўжо ёсць. І са студзеня гэта будзе ўключана ў работу, адзначыў прафесар. "Гэта не значыць, што мы поўнасцю адмовімся ад сваіх дакументаў, сваіх дыпломаў. Наш выпускнік атрымлівае дыплом дзяржаўнага ўзору, а калі яму спатрэбіцца дыплом з дадаткам еўрапейскага ўзору, то ён яго атрымае", - растлумачыў ён. Сучасны дадатак да дыплома еўрапейскага ўзору больш аб'ёмны (там і веданне моў, дзе пройдзена практыка і іншая інфармацыя). "Балонская ідэя - гэта не панацэя ад усіх бед. Яна датычыцца ўніверсітэтаў, дзе адукацыя на нейкім сярэднім узроўні", - падкрэсліў Міхаіл Дзямчук.
Першай сотні ў іерархіі ўніверсітэтаў свету не патрэбна Балонская ідэя. Там свае правілы, свае традыцыі. Гэта гіганцкія ВНУ Англіі, Германіі, Скандынавіі і г.д. Беларускія ВНУ спецыяліст назваў ВНУ сярэдняга ўзроўню. "І ў нас ёсць магчымасць падцягнуцца, пераняць нейкія ідэі. Балонская ідэя не будзе перашкаджаць нам як мінімум, а як максімум мы будзем рыхтаваць спецыялістаў па тых напрамках, якія пакуль у нас нельга асвоіць", - сказаў Міхаіл Дзямчук. Ён дадаў, што для падрыхтоўкі спецыяліста сучаснага ўзроўню неабходна адпаведная вучэбна-навуковая база, крытычная маса выкладчыкаў, вучоных, якія змогуць забяспечыць якасную адукацыю.


