Навiны рэспублiкi
Права на электронны зварот грамадзян у дзяржорганы замацавана заканадаўча
Новы від - электронны зварот прадугледжваецца законам "Аб рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб", які ўступіць у сілу 22 студзеня 2012 года. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Беларусі Вадзім Іпатаў. Паводле яго слоў, электронным зваротам у законе ўдзяляецца асаблівая ўвага. Абавязак па іх разгляду ўскладаецца на дзяржаўныя органы і іншыя дзяржарганізацыі.
Вадзім Іпатаў таксама адзначыў, што электронны зварот павінен змяшчаць тыя ж рэквізіты, што і пісьмовы, за выключэннем патрабавання аб наяўнасці асабістага подпісу. Замест асабістага подпісу ў ім у абавязковым парадку павінен быць адзначаны адрас электроннай пошты заяўніка. У цэлым, падкрэсліў дырэктар цэнтра, закон прызначаны стаць комплексным заканадаўчым актам, які аб'ядноўвае ўсе правы і абавязкі грамадзян, што датычацца разгляду зваротаў. Прадугледжана адказнасць за неналежны разгляд зваротаў, а таксама вызначаны падрабязны парадак разгляду ўсіх зваротаў, у тым ліку ўнесеных у кнігу заўваг і прапаноў.
Законам таксама ўстанаўліваюцца ўніфікаваныя тэрміны разгляду зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, дакладна агаворана, на якія звароты адказы не накіроўваюцца. Так, растлумачыў Вадзім Іпатаў, дзяржорган або арганізацыя маюць права не накіроўваць адказ пры адсутнасці ў зваротах якіх-небудзь рэкамендацый, патрабаванняў, хадайніцтваў, паведамленняў аб парушэнні актаў заканадаўства, недахопах у рабоце арганізацый або на звароты з падзякай. У цэлым з уступленнем у сілу новага закона канцэптуальных змяненняў у рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб не адбудзецца. Улада павінна служыць народу, і гэта вызначальная ўстаноўка кіраўніка дзяржавы захаваецца і ў нормах новага закона.


