Навiны рэспублiкi
23.08.2010
Сістэма падаткаабкладання ў Беларусі з 2011 года будзе спрошчана. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве эканомікі.
У бягучым годзе Міністэрствам па падатках і зборах (МПЗ) з мэтай спрашчэння сістэмы падаткаабкладання будзе поўнасцю адменены падатак на паслугі і збор на развіццё тэрыторый, знізяцца стаўкі падатку на прыбытак для высокатэхналагічных прадпрыемстваў. Зменіцца парадак увядзення павышаючых каэфіцыентаў да ставак зямельнага падатку і падатку на нерухомую маёмасць, якія ўстанаўліваюцца мясцовымі Саветамі дэпутатаў на працягу года. Прадугледжваецца, што дзеянне павышаючых каэфіцыентаў будзе ўстанаўлівацца загадзя (да пачатку года) і застанецца нязменным на працягу 3-х гадоў замест аднаго года, як было раней. Акрамя таго, Міністэрствам па падатках і зборах для паляпшэння падатковага клімату ў краіне прапрацоўваецца пытанне аб выключэнні з падатковага заканадаўства збору за выдачу дазволаў на праезд аўтамабільных транспартных сродкаў Рэспублікі Беларусь па тэрыторыях замежных дзяржаў як самастойнага падатковага плацяжу. У той жа час названы збор прадугледжваецца ўключыць у склад дзяржпошліны або аформіць яго у выглядзе платы непадатковага характару за паслугі па выдачы гэтых дазволаў. Акрамя гэтага, будзе выключаны з аб'екта падаткаабкладання экалагічны падатак на перапрацоўку нафты і нафтапрадуктаў, а таксама разгледжана мэтазгоднасць пераносу страт на будучыя прыбыткі. Як праінфармавалі ў Мінэканомікі, у бягучым годзе МПЗ разгледзіць магчымасць прадастаўлення права добраахвотнага пераходу на штоквартальныя тэрміны выплаты падатку на дабаўленую вартасць усім катэгорыям плацельшчыкаў. Акрамя таго, прадугледжваецца зняцце абмежаванняў падатковых вылікаў па інвестыцыйных затратах па падатку на дабаўленую вартасць мяжой падатку, вылічанага ад рэалізацыі тавараў (работ, паслуг), і адмена бягучых (авансавых) плацяжоў па падатку на дабаўленую вартасць і акцызах. Плануецца таксама даць магчымасць усім падаткаплацельшчыкам прадстаўляць падатковыя дэкларацыі па падатку на прыбытак 1 раз у год з выплатай авансавых плацяжоў на працягу года. Як удакладнілі ў Мінэканомікі, цяпер у Міністэрстве па падатках і зборах разглядаецца пытанне аб выключэнні са складу экалагічнага падатку плацяжоў за вытворчасць і (або) імпарт пластмасавай, шкляной тары, тары на аснове паперы і кардону, а таксама за імпарт тавараў, упакаваных у такую тару. Акрамя таго, прадугледжваецца ўдасканаліць сістэму прадстаўлення падатковых дэкларацый (разлікаў) па падатках, зборах (пошлінах) у электроннай форме. Таксама плануецца часткова выключыць з актаў заканадаўства патрабаванне аб абавязковым вядзенні раздзельнага ўліку ў якасці ўмовы прымянення падатковых ільгот. У Мінэканомікі адзначылі, што ўсе гэтыя меры накіраваны на стварэнне ў Беларусі больш спрыяльных умоў для развіцця прадпрымальніцкай дзейнасці і фарміравання інвестыцыйнага клімату. Сістэмная работа па ўдасканаленню ў краіне ўмоў ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці і стварэнню спрыяльнага інвестыцыйнага клімату будзе прадаўжацца і далей. Рэзерв у гэтых напрамках застаецца значным, і сёння патрабуюцца больш пераканаўчыя і выніковыя меры па стымуляванню і ўсебаковай падтрымцы бізнес-ініцыятывы, павышэнню інвестыцыйнай прывабнасці краіны. Раней паведамлялася, што Беларусь разлічвае палепшыць свае пазіцыі ў штогадовым рэйтынгу Сусветнага банка "Вядзенне бізнесу" (Doing Business) на 2011 год. У апублікаваным Сусветным банкам рэйтынгу на 2010 год, які аб'яднаў у сабе вынікі даследавання ўмоў вядзення бізнесу ў 183 краінах свету, Рэспубліка Беларусь заняла 58-е месца і чарговы раз была прызнана адной з дзесяці краін-лідэраў па колькасці праведзеных рэформ у сферы рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці і іх эфекту (па 2009 году мы знаходзіліся на 82-й пазіцыі, па 2008 году - на 115-й).


