Навiны рэспублiкi
30.12.2011
У Беларусі мінімальная заработная плата з 1 студзеня складзе Br1 млн.
У Беларусі месячная мінімальная заработная плата (МЗП) з 1 студзеня 2012 года ўстаноўлена ў памеры Br1 млн., гадзінная - Br5 тыс. 930. Гэта рашэнне змяшчаецца ў пастанове ўрада ад 9 снежня 2011 года нумар 1666, паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны. Законам Рэспублікі Беларусь "Аб устанаўленні і парадку павышэння памеру мінімальнай заработнай платы" ўстаноўлена прававая аснова вызначэння МЗП і яе прымянення. Мінімальная заработная плата прымяняецца выключна ў сферы працоўных адносін як дзяржаўны мінімальны сацыяльны стандарт у галіне аплаты працы за работу ў нармальных умовах пры выкананні ўстаноўленай нормы працы і забяспечвае сацыяльную абарону работнікаў. Памер мінімальнай заработнай платы, устаноўлены і праіндэксаваны ў адпаведнасці з заканадаўствам, з'яўляецца абавязковым у якасці ніжэйшай мяжы аплаты працы работнікаў. Памеры МЗП (месячнай і гадзіннай) устаўліваюцца Саветам Міністраў штогод з 1 студзеня зыходзячы з патрэбнасцей работніка ў матэрыяльных дабротах і паслугах, эканамічных магчымасцей рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, а таксама наймальнікаў, суадносін паміж яе памерамі і сацыяльнымі нарматывамі (бюджэтам пражытачнага мінімуму, мінімальным спажывецкім бюджэтам). Праграмай дзейнасці ўрада Беларусі на 2011-2015 гады прадугледжана ўстанаўленне памеру мінімальнай заработнай платы на ўзроўні не ніжэйшым за памер мінімальнага спажывецкага бюджэту сям'і з чатырох чалавек на пачатак года ў мэтах забеспячэння яе ўзроўня не менш за трэць ад сярэдняй заработнай платы за справаздачны перыяд. У Беларусі суадносіны памераў мінімальнай заработнай платы (МЗП) і мінімальнага спажывецкага бюджэту (МСБ) сям'і з чатырох чалавек на пачатак 2012 года складуць 112,8 працэнта. Пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 17 кастрычніка 2011 года нумар 99 мінімальны спажывецкі бюджэт сям'і з чарырох чалавек на перыяд з 1 лістапада 2011 года па 31 студзеня 2012 года зацверджаны ў памеры Br886 тыс. 450.


