Навiны рэспублiкi
23.08.2010
Урад разгледзіць рэалізацыю ў І паўгоддзі праграмы развіцця малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў Беларусі
Аб ходзе выканання ў першым паўгоддзі бягучага года Дзяржаўнай комплекснай праграмы развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў на 2007-2010 гады пойдзе размова на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў. Яно адбудзецца 24 жніўня і пройдзе пад старшынствам прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага, паведамілі БЕЛТА ў Апараце Саўміна. У цэлым сацыяльна-эканамічнае развіццё малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў у першым паўгоддзі характарызуецца дадатнай дынамікай паказчыкаў у асноўных галінах і сферах дзейнасці. Так, вытворчасць прамысловай прадукцыі ўзрасла за студзень-чэрвень на 15,6 працэнта да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года. Разам з тым даведзеныя заданні па вытворчасці прампрадукцыі за першае паўгоддзе не выкананы ў 78 населеных пунктах. Тэмп росту вытворчасці спажывецкіх тавараў склаў 112,2 працэнта. Не забяспечылі выкананне прагнозных заданняў па гэтаму паказчыку 87 населеных пунктаў. За студзень-чэрвень 2010 года на прадпрыемствах малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў за кошт пашырэння вытворчасці, асваення новых відаў прадукцыі створана 16,1 тыс. новых рабочых месц, або 63 працэнты да зацверджанага задання. Колькасць насельніцтва, занятага ў эканоміцы малых гарадскіх паселішчаў, па выніках першага паўгоддзя склала 828 тыс. чалавек і павялічылася ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 4,3 тыс. чалавек. Ва ўсіх галінах значна знізіўся ўзровень беспрацоўя і на канец чэрвеня 2010 года ён склаў 0,9 працэнта. Што датычыцца рэалізацыі важнейшых інвестпраектаў у малых і сярэдніх гарадах, то дзевяць з іх не рэалізуюцца зусім, яшчэ па дзевяці праектах не прыняты своечасова належныя меры па іх рэалізацыі. Усяго за першае паўгоддзе бягучага года былі створаны 883 новыя малыя прадпрыемствы (на 1 ліпеня іх колькасць дасягнула 9809). Пры гэтым у структуры відаў дзейнасці новаствораных арганізацый напрамкамі, якія найбольш развіваюцца, з'яўляюцца вытворчасць прамысловай прадукцыі, дзейнасць у галіне будаўніцтва, у сферы сельскай гаспадаркі, аказання транспартных паслуг.


