Навiны рэспублiкi
03.01.2012
Зямельныя ўчасткі пад жыллё ў Беларусі з 2012 года можна выкарыстоўваць для прадпрымальніцтва
Зямельныя ўчасткі пад жыллё ў Беларусі з 2012 года можна выкарыстоўваць для прадпрымальніцкай дзейнасці. Гэта прадугледжана ўказам ад 23 верасня 2011 нумар 431 "Аб некаторых мерах па ўдасканаленню адносін у галіне адабрання, прадастаўлення і выкарыстання зямельных участкаў", які ўступіў у сілу 1 студзеня 2012 года. Цяпер зямельныя ўчасткі, прадастаўленыя для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, кватэры, вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, можна будзе выкарыстоўваць на падставе рашэння мясцовага выканаўчага камітэта як па ўстаноўленаму мэтаваму прызначэнню, так і для рамеснай дзейнасці, аграэкатурызму, прадпрымальніцтва. Грамадзянам і юрыдычным асобам прадастаўляецца права перадаваць у залог належачыя ім капітальныя збудаванні, размешчаныя на арандаваным зямельным участку, незалежна ад унясення платы за права заключэння дагавора арэнды зямельнага ўчастка. З мэтай уключэння зямельных участкаў у грамадзянскі абарот грамадзяне таксама атрымліваюць магчымасць набываць у недзяржаўных юрыдычных асоб зямельныя ўчасткі, што знаходзяцца ў іх на праве прыватнай уласнасці, для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, кватэры. Недзяржаўныя юрыдычныя асобы, у сваю чаргу, атрымліваюць права набываць для названых мэт зямельныя ўчасткі ў грамадзян. Указам нумар 431 пашыраны пералік выпадкаў прадастаўлення зямельных участкаў без правядзення аўкцыёнаў. Такім шляхам ўчасткі могуць атрымаць юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі для будаўніцтва і абслугоўвання фірменных магазінаў у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва не больш як 50 тыс. чалавек. Такое права атрымліваюць таксама юрыдычныя асобы для рэалізацыі канцэсійных дагавораў, для здабычы стратэгічных карысных выкапняў, карысных выкапняў абмежаванага распаўсюджвання, будаўніцтва аб'ектаў, неабходных для іх перапрацоўкі і захоўвання. Без аўкцыёну прадастаўляюцца зямельныя ўчасткі для рэканструкцыі існуючых аб'ектаў. Пры гэтым кампетэнцыя па адабранню і прадастаўленню участкаў у гэтых выпадках пераходзіць ад абласных да раённых выканкамаў. Акрамя таго, індывідуальным прадпрымальнікам і юрыдычным асобам прадастаўляецца магчымасць набываць у прыватную ўласнасць зямельныя ўчасткі, якія раней прадастаўлены ім для пастаяннага карыстання або арэнды, для абслугоўвання належачых ім капітальных збудаванняў. Цана ў гэтым выпадку ўстанаўліваецца ў памеры 70 працэнтаў ад кадастравага кошту. Акрамя таго, у гэту плату залічваецца раней занесеная плата за права заключэння дагавора арэнды зямельнага ўчастка. Выканкамам даручана выстаўляць на аўкцыёны па продажы зямельных участкаў у прыватную ўласнасць для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў не менш як 30 працэнтаў зямельных участкаў, уключаных у пералікі свабодных (незанятых) зямельных участкаў. Замацаваны розныя ўмовы прадастаўлення зямельных участкаў для індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва і вызначэння іх кошту для розных катэгорый грамадзян. Так, шматдзетным сем'ям, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, зямельныя ўчасткі будуць прадастаўляцца ва ўласнасць бясплатна. Іншыя грамадзяне, якія на працягу доўгага часу знаходзяцца на такім уліку і не маюць ва ўласнасці аб'ектаў нерухомай маёмасці, змогуць атрымаць зямлю ў прыватную ўласнасць з унясеннем платы ў памеры 20 працэнтаў ад кадастравага кошту або ў пажыццёвае спадчыннае валоданне. Уводзіцца абмежаванне права грамадзян, якія атрымалі зямельныя ўчасткі як маючыя патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Ім нельга адчужаць або прадаваць такія ўчасткі да заканчэння васьмі гадоў з дня дзяржаўнай рэгістрацыі збудаваных на іх жылых дамоў (за выключэннем адчужэння мясцовым выканаўчым камітэтам). Указ прыняты ў мэтах удасканалення рэгулявання адносін па прадастаўленню і выкарыстанню ў рэспубліцы зямель. Ён накіраваны на рэалізацыю асобных палажэнняў Дырэктывы нумар 4. Тым самым у дзеючае заканадаўства, якое рэгулюе зямельныя адносіны, унесены шэраг змяненняў і дапаўненняў.


