РУС
БЕЛ
ENG
RSS стужка
Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт
Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт
Прыёмная аблвыканкама
Адрас:
230023 г. Гродна,
вул. Э.Ажэшка, 3
Е-mail: groblisp@mail.grodno.by
Прыёмная:(0152)72-35-57
Mip
Mip

Гродзеншчына этнаканфесійная

Этнаканфесійныя адносіны ў Гродзенскай вобласці характэрызуюцца стабільнасцю, талерантнасцю і канструктывізмам. Рэлігійная палітра Гродзеншчыны разнастайная. У вобласці ажыццяўляюць рэлігійную дзейнасць 493 рэлігійныя арганізацыі 17 канфесій. Дзейнічае 465 рэлігійных абшчын (191 праваслаўная, 1 дрэўлеправаслаўная, 174 каталіцкіх, 2 грэка-каталіцкія, 8 мусульманскіх, 4 іўдзейскія, 84 пратэстанцкія, 1 Свядомасць Крышны), размешчана 478 культавых будынкаў (230 праваслаўных храмаў, 226 каталіцкіх, 17 пратэстанцкіх, 4 мячэці і сінагога).

Функцыянуюць таксама Мінская вышэйшая духоўная семінарыя і акадэмія, Гродзенская Рымска-каталіцкая вышэйшая духоўная семінарыя, Слонімскае праваслаўнае вучылішча, 7 праваслаўных братэрстваў і сястрынстваў, 5 праваслаўных і 4 каталіцкія манастыры, 5 абласных і рэспубліканскіх рэлігійных аб'яднанняў і дабрачыннае каталіцкае аб'яднанне “Карытас”. Рэлігійную дзейнасць ажыццяўляюць 486 свяшчэннаслужыцеляў і іншых служыцеляў культа.

Згодна з маніторынгам, абсалютная большасць рэспандэнтаў на Гродзеншчыне пазітыўна ацэньвае адносіны паміж прадстаўнікамі розных канфесій у рэгіене. У цэлым, на погляд 95,7% рэспандэнтаў, рэлігійная сітуацыя ў вобласці спакойная і добрая.

Органамі выканаўчай улады, якія ажыццяўляюць рэгуляванне дзяржаўна-канфесійных і нацыянальных адносін, па магчымасці, аказваецца дапамога ў вырашэнні розных пытанняў. Так, напрыклад, у 2010г. райвыканкамамі і арганізацыямі вобласці была аказана дапамога па добраўпарадкаванню  прыхрамавых тэрыторый 38 рэлігійным аб'яднанням розных канфесій, і  сумесна прыведзена ў належны стан 187 могілак.

У вобласці паміж органамі ўлады і рэлігійнымі арганізацыямі склаліся добразычлівыя і канструктыўныя ўзаемаадносіны. Ажыццяўляецца супрацоўніцтва з шэрагам рэлігійных канфесій у справе захавання маральнасці і духоўнага выхавання людзей, пераадольвання негатыўных сацыяльных з'яў, аховы і аднаўлення гісторыка-культурнай спадчыны, дапамогі сацыяльна неабароненым членам грамадства, павышэння сацыяльнай значнасці інстытута шлюбу і сям'і і інш.

Штогод у гаррайвыканакамах адбываюцца сустрэчы кіраўніцтва органаў выканаўчай улады з духавенствам. У ходзе сустрэч свяшчэннаслужыцелі атрымліваюць інфармацыю аб выніках дзейнасці органаў улады і працоўных калектываў, з імі абмяркоўваюцца пытанні супрацоўніцтва.

У вобласці таксама ажыццяўляецца работа па рэалізацыі Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой. Прыярытэтнымі напрамкамі супрацоўніцтва былі і застаюцца маральнае і патрыятычнае выхаванне, духоўная адукацыя, культура і творчая дзейнасць. Праграма супрацоўніцтва рэалізоўваецца на месцах у шматлікіх канкрэтных мерапрыемствах.

Па стану на 1 студзеня 2010 года ў вобласці дзейнічаюць 23 грамадскія аб'яднанні 11-ці нацыянальных супольнасцей, у тым ліку 4 польскія, 6 літоўскіх, 4 яўрэйскія, 2 украінскія, а таксама аб'яднанні рускіх, татар, грузінаў, чувашоў, цыган, армян, азербайджанцаў.

Работа ў сферы нацыянальных адносін ажыццяўляецца ў Гродзенскай вобласці ў адпаведнасці з рэспубліканскай і абласной праграмамі развіцця канфесіянальнай сферы, нацыянальных адносін і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой і накіравана на зберажэнне і развіццё нацыянальных культур і моў нацыянальных супольнасцей, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, умацаванне міжнацыянальнай згоды.

З удзелам органаў выканаўчай улады нацыянальныя грамадскія аб'яднанні пастаянна праводзяць фестывалі нацыянальных песень, літаратурныя конкурсы, святы культур, канферэнцыі і іншыя мерапрыемствы.

Так, грамадскім аб'яднаннем “Саюз палякаў на Беларусі” штогод арганізуюцца фестывалі польскай песні, агляды калядных калектываў, літаратурныя конкурсы, канферэнцыі, спартыўныя спаборніцтвы. Вялікай папулярнасцю ў жыхароў Гродзеншчыны карыстаецца арганізуемае ГА “СПБ” і Гродзенскім райвыканкамам свята “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў”. У жніўні 2009г. яно ў дзевяты раз прайшло на канале каля шлюза Дамброўка. Традыцыйным стала правядзенне беларуска-польскіх фестываляў “Артыстычныя сустрэчы “Беласток-Гродна”. У  г.Гродна праведзены Х міжнародны фестываль праваслаўных песнапенняў "Каложскі благавест", у якім удзельнічаюць больш за 50 калектываў з Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі, Сербіі, Румыніі і Беларусі; кірмаш народных умельцаў “Казюкі”, у в.Васілішкі Шчучынскага раёна - конкурс песні, прысвечаны памяці спевака і кампазітара Ч.Немана.

Дзейнасць яўрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў носіць сацыяльна-культурны характар і накіравана на аказанне матэрыяльнай і другой дапамогі грамадзянам яўрэйскай нацыянальнасці і членам іх сем'яў. Акрамя таго, мемарыяльна-культурнае грамадскае аб'яднанне яўрэяў на Лідчыне збірае і сістэматызуе звесткі аб сваіх суайчынніках - ахвярах другой сусветнай вайны, ажыццяўляе догляд за помнікамі і мемарыяламі.

Пры яўрэйскіх аб'яднаннях г.г.Гродна і Ліда працуюць музычна-драматычны калектыў “Салахманэс”, народны ансамбль яўрэйскай музыкі “Шалом”, дзіцячы ансамбль “Шаломчыкі”. Яны пастаянна прымаюць удзел у конкурсах і фестывалях, якія праводзяцца як у вобласці, так і за яе межамі.

Розныя мерапрыемствы праводзяцца і іншымі грамадскімі аб'яднаннямі.

Органамі выканаўчай улады вобласці створаны ўмовы для рэалізацыі права грамадзян, якія адносяцца да нацыянальных супольнасцей, на вывучэнне роднай мовы. У агульнаадукацыйных школах, установах пазашкольнага выхавання і навучання з удзелам нацыянальных грамадскіх аб’яднанняў створаны класы, факультатывы, гурткі па вывучэнні мовы нацыянальных супольнасцей. Распаўсюджанай формай вывучэння мовы нацыянальнай супольнасці з’яўляюцца школы выхаднога дня, створаныя у 2009/2010 навучальным годзе пры грамадскіх аб’яднаннях палякаў, літоўцаў, яўрэяў, украінцаў, татар.

У вобласці праводзіцца работа па ўмацаванню супрацоўніцтва з суайчыннікамі, якія пражываюць за мяжой.