Актуально
120-годдзе Максіма Багдановіча святкуем 9 снежня
У 2011 годзе шырока святкуецца 120-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Максім Багдановіч - класік беларускай літаратуры, адзін са стваральнікаў беларускай літаратуры і літаратурнай мовы новага часу, паэт, празаік, публіцыст, літаратуразнавец, перакладчык нарадзіўся 9 снежня 1891 г. .
Амаль адразу пасля нараджэння Максіма, сям'я з Мінску пераехала ў Гродна, дзе спачатку здымала двухпакаёвую кватэру недалёка ад чыгуначнага вакзала, а пасля чатырохпакаёвую на Садовай, 15. Кола кантактаў Багдановічаў складала пераважна мясцовая інтэлігенцыя, сярод якой Адам Ягоравіч (бацька) карыстаўся аўтарытэтам, яго нават абралі дырэктарам публічнай бібліятэкі, у гэты час ім былі напісаны значныя творы па беларускай этнаграфіі і гісторыі сялянства. У 1894 г. у Гродне нарадзіўся малодшы брат Максіма – Леў. Марыя Апанасаўна (мацi) займалася хатнімі справамі, гадавала дзяцей, але не забывала і пра інтэлектуальную працу. У гродзенскай губернскай газеце было апублікавана яе апавяданне пад назвай “Напярэдадні Каляд”.
Бацька - Адам Ягоравіч скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, працаваў настаўнікам у вясковай школе, выкладчыкам гарадскога пачатковага вучылішча ў Мінску, ацэншчыкам і землеўпарадчыкам у Сялянскім зямельным банку ў Гродне, Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі. У маладыя гады падтрымліваў сувязі з рэвалюцыянерамі-нарадавольцамі. Ён шмат займаўся самаадукацыяй, самастойна вывучыў некалькі замежных моў, быў вядомы і як фалькларыст, этнограф, гісторык, добра ведаў беларускі фальклор, апублікаваў некалькі навуковых прац этнаграфічнага і гістарычнага характару, выступаў таксама як публіцыст. Адам Ягоравіч пісаў артыкулы пра жыццё беларускіх сялян да і пасля адмены прыгоннага права, пакінуў успаміны пра рэвалюцыйны рух у Беларусі 1880-х - пачатку 1890-х гг., а таксама пра славутага рускага пісьменніка Максіма Горкага. Ён жа па прапанове Інстытута беларускай культуры ў 1923 г. напісаў успаміны пра свайго сына.
Mаці – Марыя Апанасаўна Мякота (1869-1896) паходзіла з старажытнага беларускага шляхецкага роду (герба “Курч”), які, аднак, не быў зацверджаны ў дваранстве Расійскай імперыі. Сведчанні аб продках Марыі прадстаўлены дакументамі з першай паловы XVII ст. Прадзед Максіма Ян служыў уніяцкім святаром, дзед Апанас (Афанасій) за ўдзел у Крымскай вайне 1853-1856 гг. атрымаў пажыццёвае дваранства, пасля служыў дробным чыноўнікам у павятовым горадзе Ігумене (цяпер Чэрвень). Дачкой святара таксама была бабуля Максіма – Таццяна Восіпаўна Малевіч. Цяжкае матэрыяльнае становішча сям’і, смерць бацькі прывялі да таго, што Марыя разам са сваёй малодшай сястрой Аляксандрай і братам выхоўвалася ў Мінскім прытулку, дзе на вялікія здольнасці дзяўчынкі звярнула ўвагу жонка мінскага губернатара і ў хуткім часе ўзяла яе на выхаванне. Марыя скончыла Мінскае трохкласнае жаночае вучылішча, вучылася ў земскай настаўніцкай школе ў Пецярбургу, займалася педагагічнай практыкай. Яна шмат чытала, тонка адчувала мастацтва, мела літаратурныя схільнасці і наогул надзвычай жывую фантазію, па натуры была мяккай, весёлай, вельмі ўражлівай, эмацыянальнай. Паводле сведчання Адама Ягоравіча, выдатнай рысай яго жонкі з’яўляліся надзвычайная выразнасць пачуццяў і жвавасць рухаў. Ён лічыў, што па складзе свайго характару, Максім быў “маленькім падабенствам маці”, асабліва ў дзяцінстве. У далейшым не толькі яе псіхічная, але і інтэлектуальная спадчыннасць – трапнасць назіранняў і іх паўната, сіла ўяўлення, пластычнасць і вобразнасць мыслення ў поўнай меры праявіліся ў жыцці і творчасці Багдановіча-паэта.
9 снежня спаўняецца 120 год з дня нараджэння аднаго з самых таленавітых беларускіх паэтаў, імя якога стаіць поруч з імёнамі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Максім Багдановіч пражыў толькі 25 гадоў, але ўжо больш стагоддзя яго рамантычны вобраз і незабыўныя творы кранаюць людзей да глыбіні душы. Унікальнасць і веліч асобы і творчай постаці Максіма Багдановіча сцвярджаюць слушнасць званняў “гарачае сэрца”, верны рыцар бацькаўшчыны, пясняр Беларусі, якія надалі яму сучаснікі і нашчадкі. Свой талент, а ў рэшце рэшт і жыццё, Максім Багдановіч перш за ўсё ахвяраваў роднай Беларусі.
Гродна-горад дзяцiнства паэта-святкуе з усёй краiнай юбiлейны дзень нараджэння беларускага песняра.
7 снежня ў авальнай зале Новага замку (Замкавая,20) Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей запрашае а 16 гадзіне на адкрыццё выстаўкі “Я хацеў бы спаткацца з Вамі…”
8 снежня ў Гродзенскай выставачнай зале ў 17 гадзін адкрыецца выстава “Вянок паэту”, на якой будуць прадстаўлены творы гродзенскіх мастакоў (В. Шоба, А. Сільвановіч, Ул. Панцялееў, В. Ільіна, А. Вараб’ёў і С. Грыневіч).
9 снежня ў 16 гадзін у Гродзенскім дзяржаўным музычным каледжы (пр-т Я.Купалы, 53) адбудзецца ўрачысты сход, прысвечаны 120 годдзю з дня нараджэння паэта. У праграме канцэрта музычныя творы на словы М.Багдановіча - песні “Вераніка”, “Зорка Венера”, “Па-над белым пухам вішні” і інш. У канцэрце прымуць удзел артысты ГДК, Гродзенскай філармоніі, каледжа мастацтваў, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь “Шкляры”. Таксама ва ўрачыстай частцы мерапрыемства будуць аб’яўлены вынікі конкурса сярод чытачоў “Вечнае святло Максімавай зоркі” і ўзнагароджаны пераможцы.
9 снежня ў 18 гадзін у Гродзенскім музеі Максіма Багдановіча (вул. 1 Мая, 10) адкрыецца выстава “Вытокі геніяльнасці”, у музеі пройде літаратурная гасцёўня “Паэт валошкавага краю” з удзелам членаў Гродзенскага аддзялення “Саюза пісьменнікаў Беларусі”.



