Рашэнне стварыць
Маладзёжны парламент пры Гродзенскім гарадскім Савеце дэпутатаў прынята
на сустрэчы старшыні гарадскога Савета Алега Бялінскага і члена Савета
Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, рэктара ГрДМУ Ігара Жука са
студэнцкім актывам абласнога цэнтра, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Членамі
Маладзёжнага парламента стане 31 малады гродзенец: 20 з іх прадставяць
студэнцтва, 11 - працуючую моладзь і вучняў сярэдніх спецыяльных устаноў
адукацыі. Вялікія перспектывы для юных парламентарыяў адкрывае
новаўвядзенне ў рабоце: кожны член Маладзёжнага парламента стане
памочнікам аднаго з дзеючых дэпутатаў гарадскога Савета. "Гэта дасць
кожнаму маладому чалавеку магчымасць набыць унікальны вопыт у
арганізацыі сустрэч з выбаршчыкамі, падрыхтоўцы дэпутацкіх запытаў,
рэалізацыі праектаў, - расказаў Алег Бялінскі. - Акрамя таго, дзеці
будуць заўсёды знаходзіцца ў цэнтры грамадскага жыцця горада, вывучаць
дзейнасць дэпутацкага корпуса знутры, будуць ведаць, што робіцца ў
Гродне для яго жыхароў, як вырашаюцца іх пытанні. Крэатыўныя маладыя
людзі атрымаюць шанц прапаноўваць і ажыццяўляць карысныя для горада
ініцыятывы, ствараць цікавы кантэнт, які расказвае аб рабоце гарадскога
Савета дэпутатаў і Маладзёжнага парламента ў сетцы. Трэба будзе таксама
наладзіць супрацоўніцтва з маладымі парламентарыямі іншых рэгіёнаў і
краін".
Як адзначыў Ігар Жук, дзякуючы маладзёжным ініцыятывам у
нашай краіне і ў Гродзенскай вобласці рэалізавана нямала значных і
карысных праектаў. Удзельнічаючы ў рабоце Маладзёжнага парламента, юныя
гродзенцы змогуць вылучыць свае ідэі, узаемадзейнічаць непасрэдна з
прадстаўнікамі розных сфер, што адкрывае для іх вялікія жыццёвыя
перспектывы, а гораду дае магчымасць максімальна выкарыстоўваць у
пазітыўных мэтах энергію і энтузіязм маладых жыхароў Гродна.
Падаць
заяўку на ўдзел у Маладзёжным парламенце студэнты змогуць у сваіх ВНУ.
Адбор лепшых будзе давераны камісіі па сацыяльных пытаннях гарсавета, у
склад якой уваходзяць вопытныя кіраўнікі арганізацый, прадпрыемстваў,
устаноў аховы здароўя, СМІ.
Да спіса