Развіццё гандлёва-эканамічных сувязей
паміж Гродзенскай вобласцю і Казахстанам абмеркавалі на сустрэчы ў
Гродзенскім аблвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як адзначыў
старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў, Беларусь і Казахстан
звязваюць даўнія партнёрскія адносіны, заснаваныя на даверы, узаемнай
павазе і шматгадовай дружбе. "Беларусь і Казахстан плённа
ўзаемадзейнічаюць як на двухбаковым узроўні, так і ў рамках Еўразійскага
эканамічнага саюза, СНД, АДКБ, ШАС і на іншых міжнародных пляцоўках. Мы
высока цэнім канструктыўны ўклад Казахстана ва ўмацаванне рэгіянальнай
стабільнасці, эканамічнага развіцця і гуманітарнага ўзаемадзеяння", -
сказаў Юрый Караеў.
Як прагучала на сустрэчы, сёння перад бакамі
адкрыты вялікія магчымасці для пашырэння супрацоўніцтва ў гандлі,
прамысловасці, аграрным сектары, транспарце, лагістыцы, навуцы,
тэхналогіях, культуры і турызме.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол
Казахстана ў Беларусі Цімур Жаксылыкаў адзначыў, што патэнцыял для
ўзаемадзеяння вялікі. "Ёсць добрыя ўжо завязкі, якія існуюць па лініі
гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Мы ўчора аб'язджалі (гродзенскія. -
Заўвага БЕЛТА) прадпрыемствы і бачылі, нам расказвалі прадпрымальнікі
аб тым, што Казахстан - гэта адзін з вялікіх значных рынкаў, з якімі
супрацоўнічаюць гэтыя прадпрыемствы. Спадзяёмся на тое, што казахстанскі
экспарт будзе нарастаць у Гродзенскую вобласць, таму што нам таксама
ёсць што прапанаваць. У нас высакаякасныя прадукты харчавання, такія як
хлебабулачныя вырабы, мука, сланечнікавы алей, мінеральныя воды цудоўнай
якасці, шакалад. Мы спадзяёмся, што гродзенцы змогуць бачыць на сваіх
прылаўках больш прадукцыі з Казахстана", - падкрэсліў Цімур Жаксылыкаў.
"Мы
адкрыты для Казахстана", - канстатаваў старшыня Гродзенскага
аблвыканкама. Юрый Караеў звярнуў увагу, што на сустрэчы было
абмеркавана і ўзаемадзеянне на міжрэгіянальным узроўні. "Дагавораў (на
міжрэгіянальным узроўні. - Заўвага БЕЛТА) падпісана мноства, але
рэальнага руху па гэтых гарызантальных сувязях пакуль няшмат. Трэба, каб
гродзенцы ўзаемадзейнічалі непасрэдна з рэгіёнамі Казахстана. І такім
чынам мы хутчэй убачым, што з таго, што вырабляецца ў нас, патрэбна ў
той ці іншай мясцовасці Казахстана і наадварот. Дамовіліся аб тым, што ў
будучым годзе будзем старацца развіваць асабістае ўзаемадзеянне
старшыні аблвыканкама з акімамі абласцей Казахстана", - сказаў Юрый
Караеў.
Паводле слоў Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла
Казахстана ў Беларусі, ёсць таксама вельмі вялікі патэнцыял у развіцці
прамысловай кааперацыі. "І вялізныя, вядома, магчымасці ў развіцці
турызму, таму што Гродна - гэта рэгіён турыстычны, з вялікай гісторыяй,
прыгожай архітэктурай і прыродай. У нас ёсць магчымасць гэта назіраць.
Думаю, што з развіццём авіязносін (у нас прамых рэйсаў становіцца больш
паміж Мінскам і гарадамі Казахстана) наш турыст казахстанскі больш
паедзе сюды. І, вядома, мы заўсёды рады прымаць турыстаў з Беларусі, з
Гродзенскай вобласці ў Казахстане. У нас патэнцыял таксама вельмі
вялікі. У нас зусім іншая прырода, не такая, як тут, - звярнуў увагу
Цімур Жаксылыкаў. - У нас гэта і горы, і стэпы, і пустыні, і лес, і
розныя кліматычныя зоны, і мора, і вялізныя азёры. Думаю, што ўсё гэта
будзе вельмі цікава для беларускіх турыстаў".
Як прагучала на
сустрэчы, дыялог з пасольствам і генконсульствам Казахстана будзе
садзейнічаць рэалізацыі новых праектаў, умацаванню дзелавых сувязей і
пашырэнню кантактаў паміж краінамі. "Ёсць усе падставы меркаваць, што
гэта сустрэча стане важным крокам на шляху да ўмацавання нашага
партнёрства і адкрые новыя перспектывы для ўзаемнага супрацоўніцтва", -
сказаў на заканчэнне Юрый Караеў.
Да спіса