Прэзідэнт Беларусі
Аляксандр Лукашэнка ў ходзе рабочай паездкі ў Гродна прыняў удзел у
адкрыцці новай абласной бальніцы і фестывалю нацыянальных культур. Але
адразу на верталётнай пляцоўцы адбылася прынцыповая размова па іншых
тэмах - аб стане спраў у Гродзенскай вобласці і рабоце ў АПК, перадае
карэспандэнт БЕЛТА.
"Што ты мне пішаш запіскі нейкія? Як быццам ты не ўпаўнаважаны ў
мяне па Гродзенскай вобласці. Ты з генерала (старшыні Гродзенскага
аблвыканкама Юрыя Караева. - Заўвага БЕЛТА) патрабуй", - звярнуўся
Аляксандр Лукашэнка да старшыні Камітэта дзяржкантролю Васіля
Герасімава.
Кіраўнік КДК адказаў, што работа ва ўзаемадзеянні з абласнымі
ўладамі вядзецца, і гэтымі днямі якраз праводзілі сур'ёзную нараду, а
пра недапрацоўкі ў рэгіёне ён інфармаваў Прэзідэнта ў роўнай ступені, як
і адносна астатніх абласцей.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся меркаваннем Васіля Герасімава аб
стане спраў у рэгіёне і рабоце кіраўніка рэгіёна: "Ты мне скажы так
сумленна і аб'ектыўна: у яго атрымліваецца тут у Гродзенскай вобласці?"
"Нешта атрымліваецца, але пры гэтым і пытанняў хапае", - сказаў кіраўнік КДК.
Пасля гэтага Аляксандр Лукашэнка звярнуўся з пытаннем ужо да самога
Юрыя Караева: "А што ў цябе не атрымліваецца? Разлікі на ўраджай
добрыя, пасеяў добра, парадак на палях у цябе ёсць. Усюды я паглядзеў".
Васіль Герасімаў пацвердзіў, што ў частцы навядзення парадку на фермах сітуацыя стала лепшай, пытанняў у гэтым плане няма.
"Я наогул не разумею, як у генерала можа быць непарадак. Ды і ты ўпаўнаважаны тут", - заўважыў на гэта Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу Васіль Герасімаў указаў, што якраз абмяркоўваў з
кіраўніцтвам вобласці пытанні па корманарыхтоўцы, будаўніцтве
прафілакторыяў для цялят. "Ёсць пытанні, якія трэба вырашаць", -
адзначыў ён.
"Што, яны адстаюць па будаўніцтве гэтых цялятнікаў? Ім жа трэба ў
гэтым годзе ўсё пабудаваць", - задаў пытанне кіраўнік дзяржавы.
Юрый Караеў запэўніў, што да 1 кастрычніка ўсё ў рамках пастаўленых задач будзе пабудавана.


Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым даў параду не будаваць
"палацы", укладваючы велізарныя сродкі: "Жывёле палацы не патрэбны. Мы ў
савецкі час набудавалі гэтых жалезабетонных палацаў, а потым,
аказалася, жывёле не патрэбны палацы. Ім патрэбны воля, свабода, дыхаць
яны павінны".
Васіль Герасімаў расказаў, што ў адной з гаспадарак вобласці
вырашылі з кароўніка прыбраць стойлавае абсталяванне і зрабіць там
прафілакторый. "Замест таго, каб нарошчваць дойны статак", - адзначыў
ён.
Аднак Прэзідэнт у гэтым плане быў не такі катэгарычны. Аляксандр
Лукашэнка параіў даць большую свабоду для дзеянняў на месцах без
залішняга ўмяшання з цэнтра. "Гэта іх справа. Калі яны недзе для кароў
палац пабудавалі і перафармаціруюць… Нам з Мінска ж гэта не бачна. Ім на
месцы лепш відаць. Каб тут, ведаеш, са сваімі статутамі не ўлезлі і не
нашкодзілі. Вось, што вельмі важна, - падкрэсліў беларускі лідар. - Каб
мы не камандавалі там, дзе не трэба. Хочуць яны з кароўніка зрабіць
цялятнік... У іх жа, напэўна, разлікі нейкія ёсць, далей яны глядзяць.
Напэўна, кароў яны не пакінуць без кароўніка. Трэба акуратна. Я не
канкрэтна да гэтага прыкладу, а наогул".
У цэлым жа Аляксандр Лукашэнка адзначыў высокі ўзровень
гаспадарання ў Гродзенскай вобласці. Асабліва вялікія адрозненні ў
параўнанні з тым, як у рэгіёне было ў пачатку 90-х гадоў. "Я цяпер ляцеў
і ўспамінаў 90-я гады - перад Сашам Дубко (кіраваў Гродзенскай вобласцю
ў 1994-2001 гадах. - Заўвага БЕЛТА) - гэта ж мой альтэрнатыўны кандыдат
быў. Гэта жудасць, кашмар, такога я нідзе не бачыў. Чаму? Таму што быў
высокі ўзровень гаспадарання ў савецкі час, а потым усе чакалі рэформы:
"Рэформы, давай рэформы!" Дарэфарміраваліся - расцягнулі ўсё, што было,
працаваць ніхто на зямлі не хацеў, - успомніў пра тыя часы кіраўнік
дзяржавы. - Чаму я звярнуў увагу на Дубко - ён такі моцны гаспадарнік.
Ну што, гавару, Саша, вайна вайной (размова аб перадвыбарных баталіях. -
Заўвага БЕЛТА) - учора была, а сёння трэба ратаваць Гродзенскую
вобласць. І вось сёння я лячу - ужо зусім акуратна ўсё".