У параўнанні з мінулым годам працэс перапрацоўкі стартаваў раней.
Прыёмка сыравіны ў ААТ “Скідзельскі цукровы камбінат” пачалася 22
жніўня. Праз чатыры дні на камбінаце запусцілі тэхналагічнае
абсталяванне, якое будзе кругласутачна перапрацоўваць карняплоды аж да
першай дэкады студзеня. Пра планы па аб'ёму нарыхтоўкі і перапрацоўкі
буракоў журналісту “ГП” распавяла
намеснік генеральнага дырэктара па сыравіне ААТ “Скідзельскі цукровы камбінат” Вольга Бялко. Сёлета сезон перапрацоўкі на камбінаце істотна адрозніваецца ад
папярэдняга. Па-першае, у параўнанні з мінулым годам працэс перапрацоўкі
стартаваў раней. Гэтаму спрыяла дажджлівае і цёплае лета, якое
дапамагло карняплодам паспець у разы хутчэй.
Па-другое, прадпрыемствам павялічана колькасць пасяўных плошчаў,
адведзеных у рэгіёне пад цукровыя буракі – плюс каля тысячы гектараў.
Так, калі ў мінулым годзе сыравінная зона камбіната ў Гродзенскай
вобласці складала каля 17,2 тысячы гектараў, то цяпер яна павялічана да
18,4 тысячы гектараў.
Дарэчы, усяго ў сыравіннай зоне ААТ “Скідзельскі цукровы камбінат” 10
раёнаў Гродзеншчыны. Большая частка пасеваў размяшчаецца ў Гродзенскім
раёне.
Яшчэ адно змяненне на прадпрыемстве датычыцца яго тэхнічнай мадэрнізацыі.
– У гэтым годзе ў нас была праведзена мадэрнізацыя цеплавой схемы,
што дазволіла значна павялічыць магутнасць камбіната. Так, калі раней
планавая магутнасць перапрацоўкі цукровых буракоў у нас складала 8 тысяч
тон у суткі, то зараз мы можам перапрацоўваць 8,5 і 8,7 тысячы тон. Па
графіку нарыхтоўваем звыш 9 тысяч тон сыравіны, – распавядае Вольга Бялко.
Вытворчасць на камбінаце цалкам аўтаматызавана. Абсталяванне працуе
бесперапынна. На камбінаце маецца 14 адзінак буртаўкладачнай тэхнікі, з
якіх 3 – айчыннай вытворчасці. Дзве адзінкі тэхнікі закупілі ў мнулым
годзе, яшчэ адну – у гэтым.
ААТ "Скідзельскі цукровы камбінат" у гэтым сезоне заключыла 57
дагавораў на пастаўку цукровых буракоў. З іх 53 з сельскагаспадарчымі
арганізацыямі і 4 з фермерскімі гаспадаркамі Гродзенскай вобласці.
Усяго паводле дамоваў камбінат павінен нарыхтаваць крыху больш за 1,1
мільёна тон буракоў. Але магутнасць завода і колькасць ураджаю дазваляе
павялічыць аб'ём нарыхтоўкі і перапрацаваць звыш 1,2 мільёна тон
буракоў. У перакладзе на цукар гэта прыкладна 150 тысяч тон салодкага
прадукту.
На сённяшні дзень на камбінаце ўжо прынялі 428 тысяч тон цукровых буракоў, што складае звыш 35% ад запланаванага аб'ёму.