У ГрДУ імя Янкі Купалы прайшла юбілейная “Купалаўская дыктоўка”. Да акцыі далучыліся і замежныя ўдзельнікі

Сёння ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. З нагоды гэтага свята ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы напісалі традыцыйную “Купалаўскую дыктоўку”, якая ў гэтым годзе адзначае свой пяцігадовы юбілей. Варта адзначыць, што дыктоўка прымеркаваная да дня нараджэння Купалаўскага ўніверсітэта: 22 лютага яму споўніцца 83 гады.
Яшчэ адной адметнасцю сённяшняга мерапрыемства з’яўляецца тое, што разам з купалаўцамі дыктоўку пісалі і замежныя ўдзельнікі цераз платформу ZOOM. Сярод іх прадстаўнікі Пасольстваў Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы, у Ізраіле, у Сацыялістычнай Рэспубліцы В’етнам, Казахстане, Кыргызстане, Індыі, ва Узбекістане, Таджыкістане, Стамбуле, Ганконгу. Таксама сярод удзельнікаў – філалагічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. Ламаносава.
Як адзначае першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандр Карэўскі, пісаць “Купалаўскую дыктоўку” ў Дзень роднай мовы ўжо стала добрай традыцыяй ва ўніверсітэце.
“Купалаўскую дыктоўку” пісалі адразу ва ўсіх карпусах універсітэта, а таксама ў каледжах. У кожнай установе налічвалася каля 100 удзельнікаў акцыі. Лісты з дыктантам былі адпраўлены і ў раёны, дзе таксама праводзілася ўсеагульная дыктоўка.
Адказная місія сёння была ў Аляксандры Матачкінай-Радковіч, аспіранткі ГрДУ імя Янкі Купалы і настаўніцы беларускай мовы. Менавіта яна дыктавала тэкст купалаўцам і тым, хто далучыўся да дыктоўкі па відэа.
Яшчэ адна з удзельніц дыктоўкі – Ангеліна Янкелайць – студэнтка беларускай філалогіі філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы. Дзяўчына падзялілася, што для яе вялікі гонар быць часткай такой маштабнай падзеі.